Svjaschenomuchenik-Mitrofan

Брацкая царква св. вмч. Дзімітрыя Салунскага ў Гомелі

Цягам XX ст. Гомель паспеў перажыць і будаўнічы бум, падчас якога, дзякуючы таленту выдатных архітэктараў, ён пачаў ператварацца ў адзін з прыгажэйшых гарадоў Беларусі; але, разам з тым, дзве вайны і цэлы шэраг планавых рэканструкцый, якія ператваралі і працягваюць ператвараць наш горад у сумнае і шэрае месца, без характару, без свайго твару. Мы забываем пра той стары Гомель, бо для большасці з нас ён не цікавы. Але для тых, каму дарагі наш любы горад, кожная ўзгадка пра зруйнаваны альбо пашкоджаны стары гомельскі будынак – гэта маленькая сенсацыя, маленькае свята. Асабліва калі гэта царква.

Сярод зруйнаваных у часы панавання камуністычнага рэжыму гомельскіх храмаў узгадваюць Спаса-Праабражэнскую царкву, вайсковую Свята-Георгіеўскую. Хтосьці прыгадае Свята-Успенскую на Лібава-Роменскім вакзале (сённяшні пасажырскі). Стараабрадцы ўзгадаюць Свята-Пакроўскі храм, які згарэў ужо ў часы незалежнай Беларусі, у 1997-м г., і на месцы якога сёння будуюць магазін. Католікі ўзгадаюць касцёл Унебаўзяцця Маці Божай на Саборнай плошчы, а праваслаўныя – царкву Нараджэння Маці Божай на сялянскіх могілках, якая ўсё ж не была зруйнавана канчаткова, і на мурах якой у нашыя дні адбудаваны касцёл. Амаль ніхто не памятае драўляныя Свята-Феадораўскую царкву на навабеліцкіх могілках, навабеліцкія праваслаўныя Свята-Мікольскую і Александра-Неўскую цэрквы[1].

Але нічога не кажуць пра брацкую царкву святога Дзімітрыя. Пра яе часта зусім не ведаюць. Трэба адзначыць, што нам нават невядома, ці была гэтая царква асвечаная. Але ёсць некалькі сведчанняў, якія сцвярджаюць, што яе муры усё ж такі былі ўзведзеныя і, што самае цікавае, гэты царкоўны будынак, магчыма, захаваўся да нашых дзён. Сёння прапануем вам невялічкі аповед пра брацкі Свята-Дзімітрыеўскі храм.

Па-першае, спынімся на тым, што царква была брацкай, а таму трэба распавесці трошкі і пра самае Гомельскае брацтва. Спачатку, 19 кастрычніка 1897 г.[2], у Гомелі было адкрыта Адзяленне старажытнага Магілёўскага Царкоўна-Праваслаўнага Богаяўленскага Брацтва. Адчынена яно было ў азнаменаванне “каранавання Іх Імператарскіх Вялікасцей Мікалая Александравіча і Александры Фёдараўны”[3]. Але праз 12 год, у 1909-м, Гомельскае аддзяленне набыло самастойнасць. Значнасць павятовага Гомеля на той момант імкліва ўзрасла. Акрамя гэтага, у 1905-1906 гг. былі прыняты меры па ўсталяванню ў імперыі верацярпімасці, што прымушвала Царкву мабілізаваць сілы, тым больш, улічваючы той факт, што Гомельскі павет і сам горад быў месцам пражывання стараабрадцаў. У 1907 г. у горадзе была адкрыта  кафедра вікарнага епіскапа. Першым Гомельскім Уладыкай быў абраны архімандрыт Магілёва-Брацкага манастыра, будучы свяшчэннамучанік Мітрафан (Краснапольскі). Епіскап Мітрафан, чалавек вельмі энергічны, адразу ж разгарнуў шырокую дзейнасць, напэўна паспрыяў і ў справе набыцця самастойнасці для Гомельскага аддзялення Магілёўскага брацтва. З 29 верасня па 1 кастрычніка 1909 г. у Гомелі адбыліся ўрачыстасці з нагоды набыцця Гомельскім Брацтвам самастойнасці. З Магілева хрэсным ходам у Гомель была прынесена цудатворная Магілёва-Брацкая ікона Найсвяцейшай Богародзіцы. Падзеі гэтыя адбываліся ў горадзе на свята Пакрова Маці Божай, таму і самае гэтае свята стала Брацкім.[4] Але на сходзе, які адбыўся тады ж, 1 кастрычніка ў будынку Гомельскай гарадской думы, “бліжэйшымі задачамі Брацтва” былі аб’яўлены духоўна-асветніцкая і дабрачынная, пра будаўніцтва новай царквы яшчэ не ўзгадваецца[5].

Svjaschenomuchenik-Mitrofan     Pjaachatka-Gom-adzjalennja-Bratsva-1903

Але, магчыма, справа ўзвядзення свайго храма была распачата брацтвам ужо на самым пачатку самастойнага існавання. Першая, вядомая нам, узгадка пра будаўніцтва царквы адносіцца да 1910 г. Знаходзім яе ў знакамітым артыкуле “Горад Гомель”, выдадзеным у “Запісках Паўночна-Заходняга аддзялення імператарскага геаграфічнага таварыства”, а пазней – асобнай брашурай. Тут, у нататцы, прысвечанай Брацтву, сярод іншых накірункаў дзейнасці ўжо выдзяляецца “пабудова храма Св. Дзімітрыя”[6]. Ініцыятарам будаўніцтва царквы выступіў Епіскап Мітрафан, які, між іншым, выказаў таксама пажаданне, каб храм быў мураваны[7]. Аднак “пасля залажэння храма, з далейшай яго пабудовай давялося прыпыніцца, з прычыны неадпаведнасці вылічанай па каштарысе сумы з налічнымі сродкамі Брацтва, якія паступілі на прыход па дадзеным артыкуле…”[8] Такая нявызначаная сітуацыя заставалася да лютага 1913 г…

Наступная ўзгадка пра будаўніцтва брацкага храма адносіцца ўжо да 1913 г. 9-12 лютага наш горад наведаў другі новапасвечаны Епіскап Гомельскі, Праасвяшчэнны Варлаам (Рашанцаў). 12 лютага, у будынку гарадской думы, пад яго старшынствам адбыўся ўрачысты сход членаў Кіраўніцтва Гомельскага Праваслаўнага Брацтва. Між іншым зайшла размова і пра брацкую царкву. “Будаўніцтва пачатага храма за лініяй чыгункі”[9] было галоўнай з тых праблем, якія стаялі на той момант перад Брацтвам: “Пытанне аб пабудове храма падвергнута было усебаковаму і доўгаму абмеркаванню; некаторы час яно (пытанне) дэбатавалася ў накірунку адмовы ад першапачатковага праекта мураванай пабудовы храма і прыняцця рашэння абмежавацца збудаваннем драўлянага храма; але прымаючы да ўвагі усе перавагі мураванага храма і, акрамя таго, жаданне ініцыятара праекта, Праасвяшчэннейшага Мітрафана (былога Епіскапа Гомельскага, а цяпер – Мінскага), сход у рэшце рэшт выказаўся за ажыццяўленне праекта ў яго першапачатковым выглядзе, прычым Уладыка Варлаам аб’явіў поўную сваю гатоўнасць дапамагчы справе пабудовы храма ўсімі спосабамі і сродкамі, якія ад яго залежаць”[10]. З гэтага паведамлення мы можам бачыць, што пабудова царквы ўжо была распачата. Ужо было вызначана месца пабудовы недзе “за лініяй”[11], і, магчыма, былі распачаты некаторыя будаўнічыя работы.

Мы не маем звестак пра далейшыя абставіны ўзвядзення царквы Святога Дзімітрыя, але дакладна вядома, што за перыяд з 1913 г. і па кастрычнік 1914 г. сцены храма былі ўжо збудаваны, і зроблена гэта было на сродкі Брацтва[12]. На 1 кастрычніка 1913 г. на будаўніцтва заставалася 386 руб. 5 кап. У якасці ахвяраванняў ад розных асоб паступіла 186 руб. 62 кап, па падпісных лістах – 35 руб. 76 кап, ад Гомельскай гарадской управы – 300 руб. і, акрамя гэтага, ад продажу травы, скошанай у сядзібе храма, было выручана яшчэ 10 руб. З гэтай сумы было выплачана жалаванне вартаўніку пры храме (156 руб.), а таксама на складанне каштарысу на лясныя матэр’ялы (15 руб.). Такім чынам, на 1 кастрычніка 1914 г. на будаўніцтва заставалася 747 руб. 43 кап[13]. Гэтага было недастаткова.

Брацтва працягвала прымаць ахвяраванні прыватных асоб, але калі меркаваць па прыведзеных вышэй дадзеных за 1913 г., гэта былі нязначныя сумы, і тады, з мэтай вышуквання грошай, “з дазволу Епархіальнага Кіраўніцтва камандзіравала ў г. Маскву спецыяльнага зборшчыка с прасіцельнай кнігай”[14]. Пра абставіны гэтай камандзіроўкі і пра тыя спадзяванні, якія на яе ўскладаліся, паведамляе старшыня Гомельскага брацтва протаіерэй Александр Зыкаў у сваёй “Справаздачы” на 1913/14 гг.: “Магчыма яна, белакаменная, якая любіць прыгажосць сваіх сарака-саракоў златаглавых, прыйдзе на дапамогу і адгукнецца і на наш заклік. Такія былі чаканні і спадзяванні Брацтва ў мінулым годзе, пасля выдаткавання амаль усяго будаўнічага фонда на храм. Але, на вялікі жаль, Брацтва цяпер мусіць сказаць, што яго гэтыя спадзяванні зусім не спраўдзіліся, зборшчык, адпраўлены Брацтвам у Маскву, даў Брацтву, як гэта ні дзіўна, адзін толькі мінус, бо тая нязначная сума, якую Брацтва мусіла выдаць гэтому зборшчыку на дарогу, аказалася большай, чым тая, якую ён сабраў…”[15] Не забудзем і пра тое, што менавіта ў гэты час пачалася вайна, якая патрабавала значных выдаткаў, тым больш у Гомелі, які раптам пачынаў ператварацца ў горад, размешчаны не так і далёка ад фронту. Дададзім таксама, што і прыведзеная цытата, а магчыма і іншыя, з гэтай жа справы, датуюцца ўжо сакавіком 1915 г.[16] і, значыць, перадаюць стан спраў, не толькі на перыяд, які ахоплівае “Справаздача”, але і на больш позні момант, калі гэтыя дакументы былі складзены. Цікава, што ў “Звестках” для Сінода, якія рыхтавалі ў Магілёўскай епархіальнай кансісторыі, пры разглядзе гэтай праблемы алоўкам дапісана заўвага аб тым, што Брацтва “выклапатала ў мясцовай гарадской управы водпуск даволі вялікай сумы 3300 руб.”[17] Гэта, а таксама тое, што ўжо быў замоўлены каштарыс на лясныя матэр’ялы, якія магчыма былі патрэбныя ўжо для правядзення дахавых работ, можа быць сведчаннем таго, што будаўніцтва царквы падыходзіла да завяршэння. Але, на жаль, дакладнага пацвярджэння гэтага на сённяшні момант мы не маем.

Штосьці пра Свята-Дзімітрыеўскую царкву магло быць у артыкуле, прысвечаным візіту ў Гомель архіепіскапа Магілёўскага і Мсціслаўскага Канстанціна ў жніўні 1916 г. Але, на жаль, у распараджэнні Царкоўна-гістарычнай камісіі Гомельскай епархіі (ЦГК ГЕ) ёсць толькі два першыя нумары “Епархіяльных Ведамасцей” за 1917 г.[18]

Апошняя ўзгадка пра царкву Святога Дзімітрыя адносіцца ўжо да паслярэвалюцыйнага перыяду. Пасля бальшавіцкага перавароту 1917 г. Гомель толькі на непрацяглы час апынуўся ў руках новай савецкай улады, пасля чаго быў акупаваны немцамі і апынуўся ў межах гетманаўскай Украінскай дзяржавы. Гэта ўсё ж такі дазволіла гораду і павету яшчэ некаторы час пажыць дастаткова спакойна. Было магчыма і царкоўнае жыцце. 26-га студзеня 1918 г. адбылося чарговае Пасяджэнне Цэнтральнага Савета Союза Гомельскіх Праваслаўных прыходаў[19]. Сярод іншых пытанняў была заслухана пазачарговая заява святара царквы Размеркавальнага пункта а. Паўла Гінтаўта аб запланаваным расфарміраванні царквы пункта. Ва ўмовах нямецкай акупацыі, пасля фактычнай паразы Расіі ў I-й Сусветнай вайне, існаванне вайсковага Размеркавальнага пункта ў Гомелі ўжо не мела сэнсу. Але, тым не менш, гэтая падзея дазволіла нам даведацца аб стане, у якім знаходзілася на той момант царква Гомельскага брацтва. Прывядзём частку пастановы прынятай Цэнтральным Саветам па гэтым пытанні, што датычыць брацкай царквы: «Прасіць Адміністрацыю пункта хадайнічаць аб ахвяраванні ўнутранага абсталявання храма (размеркавальнага пункта – заўвага аўтара), уключаючы іканастас, начыння і ўбора, у праваслаўную царкву Св. Дзімітрыя Салунскага, якая наноў будуецца за лініяй чыгункі ў Гомелі, гэтакі шчодры дарунак пасунуў бы справу адкрыцця царквы на ўскраіне горада, заселенай даволі значнай часткай Рускіх людзей, аддаленых на вялікую адлегласць ад прыходскіх храмаў і даў бы падставу захаваць памяць аб вайскоўцах пункта, якія патрудзіліся над уладкаваннем, набыццём абсталявання ў значнай частке сваімі сродкамі і аб той духоўнай асалодзе, якую зазналі многія Гамельчане, прысутнічаючы на заўсёды высокаўрачыстых Набажэнствах у пунктавым храме.

У выпадку спрыяльнага вырашэння гэтага пытання прасіць настаяцеля і Савет Мікалаеўскага прыхода (Палесскай царквы, у нашыя дні манастырскай – заўвага аўтара) прыняць ахвяраваныя рэчы на захаванне ў сваім храме, бліжэйшым да наноўбудуючагася»[20].

Такім чынам мы даведваемся аб тым, што на студзень 1918 г. брацкая царква яшчэ не была дабудавана, у ёй яшчэ нельга было ставіць іканастас. Мы таксама даведваемся, у імя менавіта якога святога была названая брацкая царква – у імя святога вялікамучаніка Дзімітрыя Салунскага.

На жаль, нам невядома, ці паспелі за 1918 г. дабудаваць брацкую царкву і асвяціць яе. Ніякіх іншых сведчанняў ці дакументаў на гэты момант намі не знойдзена. Апошні эшалон з нямецкімі вайскоўцамі пакінуў Гомель 14 студзеня 1919 г., амаль праз год пасля ўзгаданага намі Пасяджэння гомельскіх прыходаў. Горад пачалі занімаць бальшавікі – пачынаўся страшны перыяд “ваеннага камунізму”. Падобна на тое, што царкву не паспелі асвяціць, а далей, ва ўмовах бальшавіцкай дыктатуры, гэта наўрад ці магло здарыцца.

Цяпер паспрабуем лакалізаваць магчымае месцазнаходжанне храма, а таксама высветліць, ці захаваўся царкоўны будынак. Наконт месцазнаходжання нам дакладна вядома, на жаль, толькі тое, што храм знаходзіўся ў Залінейным раёне Гомеля. Пра гэта ўжо было адзначана вышэй. Будаўніцтва царквы ў гэтым раёне звязана з тым, што менавіта ў той перыяд Залінейны пачаў расці, прычым, у першую чаргу дзякуючы сельскаму, праваслаўнаму па веравызнанні, насельніцтву, якое накіравалася ў Гомель за працай у шматлікіх майстэрнях, у першую чаргу чыгуначных. Стварэнне тут прыхода для акармлення новых гараджан, як адзначана ў вышэй прыведзенай цытаце, было справай першай неабходнасці.

Але нам, на жаль, не вядома больш дакладнае месцазнаходжанне храмавай сядзібы. Адзінае, вядомае нам на гэты момант, сведчанне на гэты конт паведамляе гомельскі даследчык, супрацоўнік Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава, а разам і сябра ЦГК ГЕ Андрэй Валер’евіч Скідан: “Старажыл Залiнейнага района Мiкалай Пiнчукоў, 1920-х гадоў нараджэння сведчыў, што ў перыяд акупацыi працаваў у арцелi, якая знаходзiлася на месцы сённяшняй фабрыкi “Прагрэс”, там, дзе па ягоных словах: «была царква». На той момант, канешне, гэта быў проста будынак, але ў памяцi людзей добра адбiлася, што ў былым, гэта быў менавiта царкоўны будынак”.

Мэблевая фабрыка “Прагрэс” знаходзіцца паміж вуліцамі Ляшчынскай і Бочкіна. Вуліца Ляшчынская захавала сваю гістарычную назву, акрамя часткі да Мохавага пераезда (у нашыя дні гэта вуліца Ю. Гагарына). Вуліца Бочкіна раней мела назву Аляксееўскай вуліцы. Але на абодвух вядомых нам дарэвалюцыйных планах[21] месца, на якім знаходзіцца сёння фабрыка “Прагрэс”, нават не трапляе. Тым не менш, горад імкліва рос, акрамя таго, сама вул. Ляшчынскага была даволі важнай, бо яна вядзе да Мохавага пераезду – месца, якое і сёння з’яўляецца адным з асноўных злучэнняў паміж дзвюма часткамі горада, падзеленымі чыгункай. Трэба дадаць, што нешта новае па гісторыі брацкай царквы мы зможам знайсці, вывучаючы гісторыю тых прадпрыемстваў (як, напрыклад, узгаданай вышэй “арцелі”), якія знаходзіліся раней на месцы фабрыкі “Прагрэс”. Дакументы гэтыя могуць знаходзіцца ў гомельскіх архівах, што можа значна спрасціць працу даследчыкаў.

Але вернемся да самога царкоўнага будынку. Менавіта сведчанне сп. Андрэя Скідана і прымусіла нас больш уважліва прыгледзецца да ўзгаданай тэрыторыі мэблевай фабрыкі. І аказалася, што будынак, які па сваёй планіроўцы, фасадах і некаторых элементах дэкору, вельмі падобны на царкву і дагэтуль існуе на тэрыторыі “Прагрэса”.

Звернем увагу на фотаздымкі. На першым фота (гэта здымак GOOGLE з касмічнага спадарожніка) мы можам заўважыць першае супярэчанне, бо разглядаемы будынак зарыентаваны па восі поўдзень-поўнач, і толькі вельмі нязначна павернуты на ўсход. Але нам вядома, што такія прыклады былі не адзінкавыя ў Рускай царкве, так, напрыклад, пабудаваная незадоўга да таго ў Гомелі вайсковая Свята-Георгіеўская царква была арыентавана алтаром на захад. Зроблена гэта было толькі па той прычыне, каб больш выразны фасад са званіцай быў накіраваны на ўсход – на галоўную Румянцаўскую вуліцу і вайсковы пляц з казармамі.

GOOGLE-MAP-fabrika-Progres

Разгледзім цяпер фасады будынка. На фота № 1(а і б) і №2 мы бачым усходні і заходні фасады, якія выразна падзелены на тры часткі (фота №1б):

Foto-1-a-ushodni-fasad Фота 1 а    Foto-1-b-ushodni-fasad-1-chast Фота 1 б  

1) У першай частцы, якая нязначна выступае ад сцен сярэдняй, з адным арачным акном на першым узроўні (на фота №2 – акно схавана за сучаснай пабудовай), магчыма, размяшчалася званіца, а таксама дапаможныя памяшканні (свячная скрыня, лесвіцы). Другі і трэці ўзроўні, вышэй двайнога паяска гэтай часткі пабудовы, калі меркаваць па якасці муроўкі, прыбудаваны пазней.

Foto-2-zahodni-fasad-svet-kontrast Фото 2

2) Другая, сярэдняя, частка – прытвор, трапезная. Яна трохі звужаная. Тут, на фота №1, на ўсходнім фасадзе мы бачым тры арачныя акенцы (сярэдняе замуравана). Такі самы выгляд гэтая частка мае і на заходнім фасадзе. На фота №2 вокны цяжка разгледзець, але іх аркі з “замкамі” бачны лепш на фота №3. Другі ўзровень, вышэй трайнога паяска – пазнейшая прыбудова.

Foto-3-Zahodni-i-Paudnevi-fasad Фота 3

3) Трэцяя частка будынка – малітоўная. Гэта галоўны аб’ём храма. Гэтая частка выступае больш, чым першая, у якой мы ўмоўна размясцілі званіцу. Усходні і заходні фасады аднолькавыя і семітрычныя. Выгляд фасада лепш бачны на фота №2. Па краях два арачныя акны, пасярэдзіне – дзвярны арачны праём з такімі ж вокнамі з двух бакоў. Гэтая частка будынка ўзвышаецца ў параўнанні з папярэднімі.

Foto-4-Paudnevi-fasad-centralni-uvahod Фота 4

На фота №3 і 4 мы бачым паўднёвы фасад пад магчымай званіцай. Тут, пасярэдзіне, заўважны цэнтральны ўваход, пад клінчатай лучковай перамычкай. На жаль, галоўную  алтарную частку мы не можам разгледзець, бо яна закрыта пазнейшымі пабудовамі. Амаль немагчыма ўбачыць будынак з вуліцы: з вуліцы Ляшчынскага яго закрывае фабрычны корпус, а з вуліцы Бочкіна толькі верхняя частка паўночнага фасада ўзвышаецца над дахамі прыватнага сектара.

У нашыя дні будынак раздзелены на два паверхі. У ім размяшчаюцца вытворчыя памяшканні і распранальня.

Больш дэталёвую характарыстыку павінны, канешне, даць мастацствазнаўцы. Але нават і папярэдне мы можам бачыць планіроўку і фасады, якія вельмі нагадваюць архітэктуру царквы, пабудаванай ў стылі, характэрным для сінадальнага перыяду. Будынак сіметрычны, мае тры характэрныя ўваходы: з боку фасада званіцы і з двух бакоў асноўнага малітоўнага аб’ёму, усе вокны, дзверы і дэкор усходняга і заходняга фасадаў сіметрычныя адносна восі поўдзень-поўнач.

Але што далей?.. Зусім недалёка ад Гомеля, на Рандоўскіх могілках, у нашыя дні будуецца царква ў гонар святога Дзімітрыя Салунскага. Толькі тут, хутчэй, мы можам прасачыць сувязь з Дзімітрыеўскімі бацькоўскімі памінальнымі суботамі, а не з брацкай царквой у перадрэвалюцыйным Гомелі. Узгадаем таксама, што ў нашыя дні ў Гомелі існуе маладзёвае Брацтва ў гонар святых Царственных Страстацерпцаў, якое ведае і падкрэслівае сваю сувязь з дарэвалюцыйным Гомельскім Праваслаўным брацтвам[22]. Аднак справа ўзвядзення брацкай царквы дагэтуль так і не працягнута.

Ці будзе нарэшце пабудавана ў Гомелі брацкая царква Святога вмч. Дзімітрыя Салунскага? Такое пытанне, а які  будзе адказ?

 Сябра Царкоўна-гістарычнай камісіі Гомельскай епархіі Андрэй Ананьеў. 



[1] Узгадак пра больш старажытную Свята-Мікольскую царкву ў Новай Беліцы, не знаходзім ужо і на перыяд канца XIX ст. Александра-Неўская царква адноўлена ў нашыя часы, але на іншым месцы. Да гэтага яна стаяла на месцы, дзе сёння знаходзіцца будынак Гомельскага райвыканкама. Цікава, што недалёка, на тым месцы дзе быў дом святара, стаіць нядаўна адрамантаваны помнік В.І. Ульянаву(Леніну).

[2] Усе даты па старому стылю.

[3] «Могилевские Епархиальные Ведомости» («МогЕВ») Частка афіцыйная, 11 чэрвеня 1898 г., №17, стар. 129.

[4] «МогЕВ» №21, Частка неафіцыйная, 1 лістапада 1909 г., стар. 779-786.

[5] Там сама, стар. 784, 785.

[6] «Город Гомель (Могилевской губ.). С 68 автотипиями. Составили: о. Ф.А. Жудро, И.А. Сербов и Д.И. Довгялло. 1911 г. Вильна, Типография А.Г. Сыркина. стар. 57

[7] «МогЕВ», № 10. Частка неафіцыйная, 15 мая 1913 г., “Посещение гор. Гомеля Его Преосвященством, Преосвященнейшим Варлаамом, Епископом Гомельским”, стар. 304.

[8] Тамсама.

[9] Тамсама, стар. 303.

[10] Тамсама, стар. 304.

[11] “За лініяй” – раён Гомеля за чыгуначнай лініяй. Пачаў узнікаць пасля таго, як праз Гомель былі пракладзены Лібава-Роменская і Палескія чыгуначныя лініі напрыканцы XIX ст. Гэты раён і ў наш час мае назву “Залінейнага” ў складзе Савецкага раёна горада. Абмежаваны вуліцай Украінскай, чыгуначнай лініяй, Заходнім мікрараёнам і ракой Сож.

[12] Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (НГАБ), фонд №2301, вопіс №1, справа №676: “Дело о сборе сведений для отчета о состоянии епархии за 1914 г. и представлении его в Синод. Отчет о деятельности Гомельского Православного братства», ліст 55.

[13] Тамсама. Лісты 14 адварот, 15.

[14] Тамсама. Лісты 55, 55 адв.

[15] Тамсама. Ліст 11 адв.

[16] Больш дакладна 13 сакавіка (26-га па нов. ст.)1915 г. Там сама. Ліст 10

[17] Там сама. Ліст 55.

[18] У частцы неафіцыйнай «МогЕВ», №2, за 1917 г. 15 студзеня быў надрукаваны пачатак артыкула «Посещение Его Высокопреосвященством, Высокопреосвященнейшим Константином, Архиепископом Могилевским и Мстиславским, г. Гомеля.». Магчыма, у працягу, мы зможам знайсці некаторыя дадатковыя падрабязнасці, якія датычаць пабудовы брацкага храма.

[19] НГАБ ф. №2415, воп. №1, спр. №459, ліст 44адв.: «Союз Гомельских Православных приходов. Центральный Совет 26-го Января 1918 г. №5. Журнал Заседания 26-го Января 1918 г.»

[20] Там сама, лісты 44 адв., 45.

[21] “Гомель. План города на 1910 г.” Онисим Фомич Шекудов. Глядзі таксама “Схематический план гор. Гомеля с пригородом за линией жел. дороги и предместьем Белицей”. Составили Г. Ханин и А. Месин-Поляков.

[22] Узгадаем тут, у азнаменаванне якой падзеі ўзнікла першае Гомельскае брацтва ў 1897 г.

Похожие записи