Логотип для шапки

 

Архімандрыт Сава: "Манаскае служэнне — рэалізаваны талент любові да Бога"

zvjazda-o.Savva-intervjuАртыкул Веранікі Пуставіт, што з'явіўся сення, 18 сакавіка 2016 года, у газеце "Звязда", пачынаецца так . . .

З гэтага тыдня ў праваслаўных — Вялікі пост. Разам з пакутным тыднем ён цягнецца 48 дзён, на працягу якіх вернікі абмяжоўваюць сябе не толькі ў ежы, але і ў злых думках, карыслівых дзеяннях і імкнуцца лепей ставіцца да блізкіх. Але ёсць і тыя, хто прызваны рабіць гэта кожны дзень увесь год незалежна ад свят — манахі. Іх супольнасць — своеасаблівая сям'я, у якой таксама бываюць радасныя моманты і крызісы. Чаго ж болей? Пра тое, з чым даводзіцца сутыкацца сучаснаму манаству, расказвае архімандрыт Сава (Мажука), насельнік Свята-Мікольскага мужчынскага манастыра горада Гомеля. 

— Растлумачце, калі ласка, у чым заключаецца манаскае служэнне?

— Часам, асабліва сярод свецкіх людзей, узнікае лагічнае пытанне: «А што вы ўвогуле ў манастыры робіце?». Яго ж задаюць і святарам, і вернікам, бо сярэднестатыстычны чалавек не можа зразумець, што можна паўтары, а то і тры гадзіны без дынамікі, стоячы на нагах, рабіць у царкве? Тое ж самае і з манаствам. Гэта культурны ці рэлігійны архаізм альбо яно мае права на існаванне?

Манаскае служэнне — рэалізаваны пэўным чынам талент любові да Бога. Само па сабе яно не прыдумка хрысціян. Ёсць і будысцкія манастыры, і філасофскія групоўкі — школу Піфагора, якая існавала ў VІ стагоддзі да нашага часу, па сваіх фармальных рысах можна лічыць манаскай. У любой больш ці менш развітай культуры існуе манаскі элемент. Вакол шмат прыкладаў. Я аматар галівудскага кінематографа. Напрыклад, «Зорныя войны» — узор рэлігійнай творчасці. Бо ордэн джыдаяў, які прытрымліваецца зароку цнатлівасці, паслушэнства і бескарыслівасці, выдае сагу Джорджа Лукаса з галавой, бо яна нарадзілася відавочна ў хрысціянскай традыцыі.

Ад архетыпа чалавека, які аддае сябе на служэнне чамусьці высокаму, вечнаму, мы нікуды не можам адысці. Хрысціяне гэтую культурную форму нагружаюць абсалютна асаблівым зместам. Для нас гэта жыццё ў Хрысце і абавязкова ўнутры Царквы. Некаторыя вернікі супрацьпастаўляюць манаства і Царкву і ставяць першае вышэй. Але насамрэч манаства — толькі яе частка. І пакуль існуе Царква, будзе жыць і яно. Што тычыцца формаў, то каталіцкае манаства болей разнастайнае. Там ёсць некалькі відаў служэння. Ёсць манахі, якія займаюцца сацыяльным служэннем; педагогі, навукоўцы, асветнікі, што дапамагаюць у іншых краінах бедным. Я думаю, што праваслаўныя з цягам часу таксама дыферэнцуюць служэнне.

— Дык усё ж такі, гэтае паняцце тычыцца ўнутраных ці хутчэй вонкавых праяў?

— Манаскае служэнне — частка царкоўнага, якое займаецца стварэннем сябе ў любові. І гэта магчыма рабіць толькі ў дачыненні да іншага — любіць яго. Звыклая праваслаўным фраза «Палюбі бліжняга твайго, як самога сябе» значыць, што чалавек ратуецца толькі ў сям'і. У нашым выпадку — манаскай. Толькі тут больш увагі надаецца аскетычнаму подзвігу і адсутнічае шлюб. Хрысціянская думка ўвогуле карыстаецца арганічнымі паняццямі. Мы браты і сёстры не таму, што маем аднолькавы светапогляд і прынцыпы, а таму, што і вы, і я прымаем еўхарыстычную трапезу, Кроў і Цела Хрыста. Яны ёсць у вашых жылах і маіх — значыць, мы браты і сёстры па крыві. Гэта робіць нас адзінакроўнымі, незалежна ад расы, полу і поглядаў.

Калі вы прычашчаецеся, то я вам па крыві брат, а вы мне — сястра. І мы ў адказе адно за аднаго, бо часткі цэлага. Мафія!(Смяецца.)

Веруючыя часцей за ўсё ўспрымаюць гэта інтуітыўна, на ўзроўні пачуццяў. І з-за гэтага Царка невынішчальная.

— Такое ўспрыманне нават часцей сустракаецца ў дзяўчат, чым у хлопцаў, якія больш здольныя да багаслоўя.

— Затое дзяўчаты больш здатныя да малітвы. Вялікае пытанне, што дапамагае больш: развагі тэалагічна адукаванага хлопца альбо малітвы нашых бабуль? Тое, што нас хтосьці вымольвае, самае каштоўнае. Манахі якраз гэта і робяць, толькі ў дачыненні да ўсяго свету. Ёсць у Ніла Сінайскага такое азначэнне: «Манах ад усіх збягае, ні з кім не расстаючыся». Такі парадокс. І яшчэ адзін: манах бясшлюбны, але ён не можа выратоўвацца па-за сям'ёй — манаскай супольнасцю, разнавіднасцю еўхарыстычнай царкоўнай сям'і, у якую збіраюцца людзі, што маюць схільнасць да аскетычных практыкаванняў.

— Чым адрозніваецца манастыр сучасны ад тых, што існавалі, напрыклад, два стагоддзі таму?

— Трэба адрозніваць элементы не толькі эпохі, але і саслоўнай абмежаванасці, якія вызначалі партрэт манастыра раней. У ХІХ стагоддзі жыў свяціцель Ігнацій (Бранчанінаў), дваранін па нараджэнні, які пайшоў у манастыр і пасля стаў яго настаяцелем. У сваіх лістах ён шчыра, як ёсць, расказвае пра тагачасны стан манаства. Яно ў асноўным фарміравалася з сялян і ў рэдкім выпадку — з купецтва. Простыя людзі туды прыўносілі элементы сваёй культуры. Калі я прыйшоў у манастыр, то ў ім быў іераманах, які сцвярджаў, што манах павінен хадзіць толькі ў гумовых ботах, піць гарбату толькі з самавара і мыцца раз на месяц, інакш не выратуецца. Ці, напрыклад, раней болей рабіўся акцэнт на знешнім подзвігу: колькасці зямных паклонаў, вычытаных акафістаў, строгасці посту. Гэта звязана выключна са звычкамі, якія мелі людзі сялянскага паходжання. Свяціцель Ігнацій лічыў, што варта развіваць не такую знешнюю работу, а ўнутраную — назіранне за ўласнымі думкамі, жаданнямі, размовамі, дзеямі, — бо яна — сутнасць манаства.

І яшчэ адна памылковая думка, што ў манастыр ідуць толькі слабакі. Напрыклад, хлопец, якому прыгажуня разбіла сэрца. Але гэта зусім не так. Герою «Братоў Карамазавых» Дастаеўскага Алёшу не хапала нядзельнай службы і пастаўленай 5-капеечнай свечкі. Бо ў яго была любоў да Бога значна большая, чым у астатніх. Ён спатольваў яе ў манастыры.

— А калі б не пайшоў у манастыр? Сярод праваслаўных ёсць такі погляд, што трэба ці жаніцца, ці ісці ў манахі. Трэцяга не дадзена.

— Гэта памылкова, безумоўна. Бо служэнні могуць быць абсалютна рознымі. Ёсць манаства ў навуцы, мастацтве — гэта аскетызм творчасці. Адданне сябе на служэнне не манастыру, а нейкай справе.

У мяне ёсць знаёмая, якая цалкам прысвяціла сябе таму, каб лячыць дзяцей. Яна была занятая выключна іх праблемамі, хваробамі, сем'ямі, і на стварэнне ўласнай сіл не хапіла. У пэўнай ступені яна манахіня.

Чалавеку ў любым выпадку трэба аддаваць сябе камусьці ці чамусьці. Яна выбрала такі шлях.

— У якім стане сённяшнія манастыры? Чаму ў іх няма старцаў?

— У манастыры жыву ўжо 20 гадоў, і нават за гэты час адбылося шмат змен. У 1990-я многа маладых людзей, начытаўшыся твораў святых айцоў, ішлі да нас. Але былі частымі выпадкі, калі ў манастве расчароўваліся і сыходзілі. Сёння ж наадварот — зусім не ідуць. Магчыма, таму, што стала вельмі камфортна жыць, а ад гэтага цяжка адмовіцца. Тыя ж, хто ўсё ж такі прыйшоў у манастыр, гэта людзі адукаваныя, начытаныя, без неафіцкага дзікунства. Якраз тыя, хто можа падтрымліваць сувязь з грэчаскім манаствам — Афонам. У Жыровіцах, напрыклад, насельнікаў адпраўляюць туды раз на год на месяц на стажыроўку.

Манаства — гэта не толькі сям'я, гэта яшчэ і школа, якая цяпер паволі аднаўляецца пасля перарыву савецкага перыяду. Думаю, менавіта праз сувязь з афонцамі мы зможам перанесці, пераняць гэтую старажытную традыцыю манаскай школы і даць штуршок для ўласнай. Тады, праз некалькі яе пакаленняў, могуць з'явіцца старцы.

— Будзем чакаць!

* * * Ад «Звязды»

Старацтва ў праваслаўі — від манаскай дзейнасці, звязаны з духоўным настаўленнем. Яго ў форме гутарак і парадаў ажыццяўляе адмысловы старац — святар-манах — над іншымі манахамі, якія жывуць з ім у адным манастыры. Часам — над міранамі. З'ява дасведчанага духоўнага настаўніцтва сустракаецца вельмі рэдка.

Загаловак у газеце: Манастыр у «Зорных войнах»