Логотип для шапки

 

Знаёмства з Раманавым. Вечар памяці знакамітага даследчыка гісторыі

 DSC0004На мінулым тыдні, а дакладней 18 кастрычніка, адбыўся вечар памяці вядомага даследчыка беларускай спадчыны Еўдакіма Раманавіча Раманава ініцііраваны сябрамі Царкоўна-гістарычнай камісіі Гомельскай епархіі. Вядучымі гэтага мерапрыемства адразу было вызначана, што асоба даследчыка з’яўляецца нагодай для больш грунтоўнай размовы аб прадзмеце даследвання: зямлі, як прасторы быцця чалавека. З аднаго боку, зямля намі ўспрымаецца не як нешта адвольна-абстрактнае – гэта заўжды нейкі кавалак, нейкі надзел нам добра знаёмы, з іншага боку, чалавек ніколі не задавольваецца гэткім “гумусавым” узроўнем. Таму, нават не сягаючы за мары-акіяны, мы спазнаем таямніцу наваколля, міфалагізуючы узгоркі, аўрагі, берагі рэк, лясы, уключаючы іх у прастору надзвычайных дзеяў, тэафаній, цудоўных пераўтварэнняў. Цікава, што нават у сваі археалагічныя справаздачы з навуковых абследванняў Еўдакім Раманаў уключаў легендарныя сведчанні  запісаныя ў мясцовых жыхароў адносна паходжання тых ці іншых помнікаў, выдатна разумеючы іхняе фантастычнае паходжанне. Аднак, існуе навуковая карціна сьвету, а існуе і міфалагізаванае яго ўспрыяцце і апошняе нам добра вядомае па часах дзяцінства: ніхто не будзе пярэчыць, што прастора гульні для дзіцяці такая ж рэальнасць, як для дарослага выкананне службовых абавязкаў. Нешта падобнае імкнуўся занатаваць Раманаў, фіксуючы не толькі сам помнік, але і ягонае успрыяцце, бо часы мяняюцца, мяняюцца супольнасьці, мяняюцца плямёны, народы, нацыі, а памяць аб далёкім мінулым у вуснах сучаснікаў “кандэнсуецца” у выглядзе кароткіх і паэтычных абразкоў.

Той, хто хоць аднойчы цікавіўся гісторыяй Гомеля і займаўся краязнаўчымі пошукамі, пачынаючы з кніжных старонак, прысвечаных гэтай тэме, імя Еўдакіма Раманавіча Раманава наўрад ці прамінуў. Так сталася, што гісторыя даследвання не толькі нашага края, але шырэй: усяго Магілёўскага Падняпроў’я, Віцебшчыны, Гарадзеншчыны – Беларусі, у самых сваіх шырокіх межах, улічваючы і Вільню, як цэнтр беларускай культуры, не ўяўляецца без постаці нашага славутага земляка.  Энэргіі даследчыка хапіла на шэраг сур’ёзных навуковых, як бы цяпер сказалі, праэктаў, у вобласці археалогіі, этнаграфіі, фалькларыстыкі, гісторыі, музеезнаўства. Штосьці ён рэалізаваў пры жыцці, штосці не спраўдзілася не па ягонай віне, штосьці з рэалізаванага бясследна знікла. Але дзякуючы Раманаву аб многіх помніках культуры, археалогіі, архітэктуры, а асабліва фальклора, які жыве выключна ў вуснах носьбітаў традыцыі, мы ведаем цяпер з дакументальнай даставернасцю. Ён так і працаваў: паспяваючы занатаваць як мага больш, быццам праадачуваючы, што прагрэсіўнае ХХ ст. вынесе ягонае Радзіме прысуд. Мізэрная частка сучаснай Раманаву культурнай спадчыны дайшла да нашага часу. І прыходзіць думка, калі б не ён, было б яшчэ меней. А там, дзе зеўраюць белыя плямы гісторыі і культуры, з’яўляюцца надуманыя ідэалагічныя канструкты, якія паразытуюць на людскай неаадукаванасці, невыхаванасці і неабачлівасці. Можа падацца што праца этнографа, фалькларыста ці археолага – гэта малазразумелая сумесь турыстычных экскурсаў і кабінетнай руціны, якая сканчаецца на паліцах зацішлівых бібліятэчных заляў. Аднак усё нашмат цікавей. Вынікамі праграмнай дзейнасці такога роду даследванняў з’яўляюцца сур’ёзныя нацыянальныя канцэпцыі, па якіх адбываецца развіццё дзяржаў у складаных геапалітычных варунках. Напрыклад, у канцы 1940-х гадоў, на выпаленай беларускай зямлі, на правабярэжжы Дняпра пачынаюцца маштабныя раскопкі Інстытута археалогіі АН СССР, калі ад падняпроўскіх вёсак тарчаць адныя коміны; па выніках даследванняў выдаюцца прэзентабельныя па тых часах манаграфіі. І так на Украіне, у Бесарабіі… Узнікае пытанне: што, іншых спраў не было ў разбуранай вайной дзяржавы?  Адказ знаходзіцца ў плашчыні геапалітыкі  –  перамога агрэсара вайсковай сілаю не здымае патрэбы ў важкіх культуралагічных аргументах. У таталітарнай дзяржаве амаль цалкам рэпрысаваныя кадры пачалі адраджаць даследванні ў вобласці славянскіх старажытнасцяў, каб пастуліраваць свету, што  месца гэтай супольнасці  ў Еўропе засвоенае не адным тысячагоддзем актыўнай прысутнасці. І чым вышэй узровень навуковых даследванняў, чым бездакорней метадалагічная база, тым больш пераканаўчымі з’яўляюцца аргументы даследчыка, тым больш трывалаю застаецца тая ці іншая гіпотэза, а значыць, і тая ці іншая канцэпцыя. Раманаў імкнуўся вырабатаць менавіта такі падыход, сцвярджаючы унікальнасць “белорусского племени”, хоць напачатку ХХ ст. такая пазіцыя выклікала рэзкую крытыку менавіта з-за перспектыўнасці нацыянальнага адраджэння і рэстаўрацыі дзяржаўнасці.

Спадчына Раманава не даступная шырокаму чытачу. Ягоныя “Белорусские сборники” не перавыдадзеныя , не зведзеныя ў адно шматлікія ягоныя артыкулы ў ім жа заснаванай “Могилёвской старине” ды іншых краязнаўчых і навуковых выданнях таго часу. А гэта якраз тое, што характарызуе нас, як нацыю унікальную і нашыя старажытнасці, як значныя. У тым ліку і датычна Гомельшчыны. Пакуль “маўчаць” для Беларусі такія асобы як Раманаў, мы можам доўга выдумляць новыя неверагодныя ідэалагічныя схемы, абапіраючыся на ўласную фантазію. Эпоха постмадэрна гатовая спарадзіць безліч такіх “гаргараў”. А для яго, як даследчыка быў важны сам чалавек – носьбіт традыцыйнай культуры. Слухаючы апавяданьне чарговага сівога казачніка ў Магілёўскай ці Віцебскай губерніі, Раманаў імкнуўся занатаваць не толькі тэкст у сваёй максімальнай аўтэнтычнасці, наколькі тады гэта бало мажліва, але і вобраз чалавека, як даносіў да яго голас традыцыі. Гэта не адразу заўважаецца, і толькі тады, калі пазнаёмішся з Раманавым бліжэй, табе, безумоўна адкрыюцца таямніцы чалавека і таямніцы зямлі, як ён іх ведаў.

Андрэй СКІДАН, навуковы супрацоўнік Веткаўскага музея стараабрадства і беларускіх
традыцый імя Ф.Р. Шклярава, сябра Царкоўна-гістарычнай камісіі Гомельскай епархіі